ЦЭМЕ́НТАВАЯ СЫРАВІ́НА,
горныя пароды і мінералы, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці цэменту. Для вырабу 1 т цэментавага клінкеру (паўпрадукту) выдаткоўваецца 1,7—2 т асн. Ц.с. (каля 80% карбанатнай і 20% гліністай). Для партландцэментаў гал. відамі сыравіны з’яўляюцца вапняк, мел, вапнавы туф, мергель, гліна. Асн. дабаўкі — гіпс і ангідрыт; карэкціруючыя — трэпел, апока, баксіт, кварцавы пясок; актыўныя мінер. дабаўкі — попел, дыятаміт, пемза, туф. Для гліназёмістых цэментаў гал. відамі сыравіны з’яўляюцца баксіты, вапнякі з ангідрытамі і гіпсамі. Радовішчы Ц.с. шырока распаўсюджаны. На Беларусі ў якасці Ц.с. разведана радовішчаў: 7 мергельна-мелавых парод, 33 мелу, 227 глін.
У.Я.Бардон.
т. 17, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)